Лукашэнка сказаў, што нічога абяцаць не будзе
Караткевіч: Буду лічыць перамогай аб’яднаньне большасьці беларусаў вакол нашай ідэі мірных пераменаў.Я — не кандыдат-адзіночка. Мяне вылучыла не адна арганізацыя, а кааліцыя чатырох найбуйнейшых дэмакратычных структураў. Трэба дамагацца, каб у Беларусі не было замежных ваенных базаў, каб не было ядзернай зброі. Трэба рушыць да сапраўднага нэўтралітэту. Мы патрабуем выбарнасьці мэраў і абмежаваньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў двума тэрмінамі. У першую чаргу мы створым умовы для разьвіцьця прадпрымальніцтва. Расея і Ўкраіна — важнейшыя партнэры Беларусі.
Лябедзька: Абноўленая праграма «Мільён новых працоўных месцаў» — гэта новыя магчымасьці і новая эканоміка. Каб рэалізаваць гэтую праграму, трэба штогод 5-7 мільярдаў прамых замежных інвэстыцый. Лукашэнка — гэта ўчорашні дзень. Стратэгія халявы і пугі можа некалі была эфэктыўнай, але за 20 гадоў яна сябе цалкам вычарпала. Калі не мяняць эканамічную стратэгію, то праз 2-3 гады ў нас будзе каля мільёна беспрацоўных. Пры такой колькасьці беспрацоўных стане больш вострай праблема карупцыі. Сёньня яна складае прыкладна 30 мільярдаў даляраў. Мы павінны сказаць Абаму, Пуціну, Алянду, Кэмэрану, што 9.5 мільёнаў беларусаў чакаюць, каб вы падпісалі дакумэнт, дзе будуць прапісаныя эканамічныя і ваенныя санкцыі адносна тых, хто ня будзе выконваць свае абавязкі адносна Беларусі.
Калякін: Я проста іншы, мы прапануем іншую мадэль палітычнага і сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, чым цяперашняя ўлада. Самая галоўная праблема — гэта неканкурэнтаздольнасьць беларускай эканомікі. Галоўная мэта — гэта праца з выбарнікамі. Няважна, што галасы не падлічаць, галоўнае, каб людзі нас падтрымалі, падтрымалі тыя ідэі, зь якімі мы пойдзем на выбары. Мы ідзем з выразнай альтэрнатывай. Я не лічу, што прэзыдэнт мусіць займацца ўсім. Ён павінен займацца кадрамі, якія будуць забясьпечваць выкананьне задачаў, якія стаяць перад краінай. Патрэбная дэцэнтралізацыя ўлады, перадача паўнамоцтваў на месцах. І па трэцяе, трэба займацца забесьпячэньнем канкурэнтаздольнасьці. У нас цяпер укладаньні ў навуку — 0.4% ВУП, у разьвітых краінах — 2-5%. Мы — за прагрэсіўны падаходны падатак. Дзеяньні ўлады адносна ўкраінскіх падзеяў — рэдкі выпадак, калі я згодны зь яе дзеяньнямі.